9.00 - 17.00 без обеда
выходные - суббота, воскресенье
Карытас Віцебск арганізаваў вандроўку ў Жылічы для людзей з інваліднасцю з клуба “Бэтэль”
24 верасня людзі з інваліднасцю з клуба “Бэтэль” здзейснілі вандроўку ў палац у Жылічах. Арганізатарам мерапрыемства стаў Карытас Віцебскай дыяцэзіі.

З самай раніцы людзі з інваліднасцю разам са сваімі суправаджаючымі роднымі сабраліся каля касцёла Езуса Міласэрнага каб адправіцца ў чароўную вандроўку ў палац Булгакаў у Жылічах.
У Жылічах групе з Бэтэля правялі займальную экскурсію. Пасля экскурсіі адразу ў панскім двары яны спажылі смачны абед, адчуваючы сябе шляхетнымі гасцямі пана Булгака.
На гэтым вандроўка не скончылася, наступным пунктам праграмы стаў заасад. Там каб хутка наведаць усіх гадаванцаў саду, чальцы клуба Бэтэль скарысталіся спецыяльным цягнічком, так званым “беларускім сафары”.
Вандроўка скончылася сумеснай малітвай у касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава.

Ірына Бярдоўская – маці дзяўчыны з інваліднасцю - падзялілася ўражаннем ад паездкі: “Дачцы вельмі спадабалася. Яна толькі пра гэта і кажа сёння. Паездка пакінула невыказныя эмацыйныя ўражанні ў першую чаргу ад таго, што мы ехалі вялікай кампаніяй сяброў.
Усё было добра арганізавана. Адразу бачна, што гэтая вандроўка арганізавана з душой. У заасадзе больш за ўсё дачцэ спадабаўся мядзведзь. Мы доўга стаялі з ёй каля вальера і глядзелі як ён есць кашу з рыбай.
Мяне больш за ўсё ўразілі фрэскі ў касцёле і прыгажосць палаца.
Хачу падзякаваць арганізатарам. Я разумею, што ўсё гэта – вялізарная праца і грошы”.

Людзі з інваліднасцю і іх родныя выказваюць вялікую падзяку дырэктару Карытас Віцебск кс. Віктару Місевічу за фінансавую падтрымку. Таксама яны дзякуюць с. Марыі Шамовіч за арганізацыю і клопат.
Лаліта Арлоўская, тэкст
Аляксандр Ужгародскі, с. Марыя Шамовіч BDNP, фота.





