Фінал Конкурсу на веданне Святога Пісання прайшоў у Віцебску

11 красавіка ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску прайшоў фінал конкурсу на веданне Святога Пісання. Тэмай сёлетняга конкурсу былі абраны прыпавесці Езуса.

Ужо традыцыйна конкурс пачаўся са святой Імшы, на пачатку каторай біскуп Алег Буткевіч асобна прывітаў кожную парафію з удзельнікамі і групамі падтрымкі з Віцебска, Глыбокага, Докшыцаў, Полацка, Наваполацка, Шуміліна, Мёраў, Варапаева, Браслава, Барысава, Бабруйска, Мінска, Смаргоні, Заслаўя, Магілёва, Баранавіч, Гродна – адным словам — з усіх куткоў Беларусі.

vicebsk final konkurs 43

”Вам дадзена ведаць таямніцы Божага Валадарства,” – сказаў біскуп Алег падчас казання і патлумачыў: “Менавіта так адказваў Езус на пытанне апосталаў: “Чаму кажаш у прыпавесцях?” Калі мы чытаем, зноў і зноў вяртаемся да, здаецца, вядомых слоў, кожны раз само жывое Слова адкрываецца нам, дае тое, што нам адпавядае на гэты момант жыцця. Таму смела магу паўтарыць за Езусам Хрыстом: вам, якія чытаюць Слова Божае і разважаюць над Ім, дадзена ведаць таямніцы Божага Валадарства. Хачу пажадаць каб на гэтых таямніцах вы будавалі сваё жыццё”.
vicebsk final konkurs 06

У канцы святой Імшы кс. кан. Віктар Місевіч агучыў парадак правядзення конкурсу і прадставіў чальцоў журы. Пасля гэтага біскуп Алег блаславіў удзельнікаў, пажадаў ім поспехаў і напомніў, што ўсе яны ўжо з’яўляюцца пераможцамі таму, што наноў адкрылі для сябе глыбокую тэму прыпавесцяў Езуса і разважалі над імі.

У фінале прыняла ўдзел 61 асоба. Як і ў мінулым годзе ўдзельнікі былі падзелены на 3 узроставыя катэгорыі: малодшая (да 11 год), сярэдняя (да 17 год) і старэйшая (ад 18 год).

Калі работы былі зданы, пачалася ціхая, але найбольш складаная праца – праверка і вызначэнне пераможцаў. Гэтым займаліся кампетэнтныя журы ў складзе старшыні с. Наталлі Танковіч MSF — катэхеткі парафіі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах, сп. Марыі Ганчаронак, с. Ліліі Казіміровіч OP, с. Юліі Клевец FMA і а. Рамана Шульца OP.

 vicebsk final konkurs 20

У гэтым годзе месцы былі размеркаваны наступным чынам:

1 катэгорыя (малодшыя):

  • 1 месца — Лобач Ксенія — парафія св. Міхала Арханёла (Смаргонь);
  • 2 месца — Халдзей Макар — парафія св. Міхала Арханёла (Варапаева);
  • 3 месца — Гацкі Іван — парафія св. Міхала Арханёла (Смаргонь).

2 катэгорыя (сярэдняя):

  • 1 месца — Кароль Данііл — парафія нараджэння Маці Божай (Браслаў);
  • 2 месца — Войтка Вераніка — парафія св. Міхала Арханёла (Смаргонь);
  • 3 месца — Медзвядзькоў Андрэй — парафія Найсвяцейшай Тройцы (Докшыцы).

3 катэгорыя (старэйшыя):

  • 1 месца — Броўка Ганна — парафія св. Міхала Арханёла (Смаргонь);
  • 2 месца — Пятроўскі Сяргей — парафія св. Барбары (Віцебск);
  • 3 месца — Інэсса Сулім — парафія Маці Божай Фацімскай (Шуміліна).

Броўка Ганна – пераможца ў старэйшай катэгорыі падзялілася гісторыяй свайго сёлетняга ўдзелу ў конкурсе: “Мне прапанавала паўдзельнічаць сястра Юлія, якая працуе ў нашай парафіі. Я не змагла ёй адмовіць, але і падумаць не магла, што займу першае месца. Вельмі прыемна здзіўлена такому выніку.”
vicebsk final konkurs 38

Яшчэ адзін пераможца, які заняў другое месца ў старэйшай узроставай катэгорыі – Пятроўскі Сяргей – бацька чатырох дзяцей, падзяліўся, што даведаўся пра конкурс са старонак «Каталіцкага Весніка», таму заахвоціў іншых удзельнікаў перыядычна чытаць каталіцкія СМІ. “Я рыхтаваўся на працягу дзвух апошніх месяцаў, таму задаволены дасягнутым вынікам”, – кажа Сяргей.

Пасля падвядзення вынікаў і віншавання пераможцаў канцлер Віцебскай дыяцэзіі і дырэктар Карытас Віцебск кс. кан. Віктар Місевіч шчыра падзякаваў усім, хто прычыніўся да правядзення конкурсу, асабліва партнёрам за фінансавую падтрымку, а. Міхаілу Ткалічу за арганізацыю конкурсу, сп. Алене Татун за падрыхтоўку пытанняў, супрацоўнікам і валанцёрам за працу па забеспячэнні мерапрыемства, журы за адказную працу па вызначэнню пераможцаў, бацькам і катэхетам за добрую падрыхтоўку ўдзельнікаў.

Сatholicnews.by


Печать