9.00 - 17.00 без обеда
выходные - суббота, воскресенье
Міласэрнасць – гэта душа хрысціянскага жыцця. Агляд дзейнасці “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі
Дабрачыннасць – гэта не проста дзеянні, але і спосаб перадачы чалавечнасці і спачування. У сучасным свеце, дзе шмат людзей сутыкаецца з цяжкасцямі, важнасць дапамогі тым, хто ў патрэбе, набывае асаблівае значэнне. Дабрачынныя праекты не толькі здольныя змяніць жыццё людзей, што маюць патрэбу, але і ўзбагаціць тых, хто дапамагае, ствараючы пачуццё супольнасці і ўзаемадапамогі. Яны вучаць нас спачуванню і цярплівасці.
Трэцяя нядзеля Вялікага посту, якая сёлета выпадае на 23 сакавіка, ужо традыцыйна з’яўляецца днём, прысвечаным Дабрачыннаму каталіцкаму таварыству “Карытас”, калі ў парафіях Віцебшчыны збіраюцца сродкі на падтрымку дзейнасці нашай арганізацыі.
Падчас адной з катэхезаў на пачатку свайго пантыфікату Папа Францішак падкрэсліў важнасць міласэрнасці ў жыцці чалавека такімі словамі: “Міласэрнасць – гэта не адно з многіх вымярэнняў, а душа хрысціянскага жыцця: хрысціянства без міласэрнасці не існуе. Калі ўсё наша хрысціянства не вядзе да міласэрнасці, гэта значыць, што мы згубілі дарогу, бо міласэрнасць – адзіная сапраўдная мэта кожнага духоўнага шляху. Яна з’яўляецца адным з самых цудоўных плёнаў любові”.
Беручы за аснову словы Святога Айца, супрацоўнікі і валанцёры “Карытас Віцебск” у сваёй дзейнасці імкнуцца рэалізоўваць наказ Хрыста любіць адно аднаго і быць міласэрнымі, як наш Бог.
“Карытас” перадусім нясе дапамогу тым людзям, каму яна найбольш патрэбная, нягледзячы на расавую, нацыянальную ці рэлігійную прыналежнасць. Арганізацыя “Карытас” існуе ва ўсім каталіцкім свеце, але ў кожнай краіне і тым больш у кожнай дыяцэзіі яна мае ўласныя адметныя рысы і напрамк дзейнасці, якія адпавядаюць актуальным патрэбам пэўнай канкрэтнай супольнасці.
Згодна з добрай традыцыяй, мы хочам распавесці чытачам “Каталіцкага Весніка” пра нашыя дабрачынныя і сацыяльныя праекты за мінулы год.
У 2024 годзе дзякуючы падтрымцы нашых партнёраў – “Карытас Лінц” (Аўстрыя) і KZE – працягнуў сваю дзейнасць Сацыяльны пункт Карытас для людзей у патрэбе ў Лепелі. Адрасатамі дапамогі тут з’яўляюцца не толькі жыхары Лепельшчыны, але і іншых раёнаў Віцебскай вобласці.
Каардынатар праекта, юрыст і сацыяльны работнік аказвалі дапамогу ў выглядзе па наступных напрамках:
- псіхасацыяльныя кансультацыі на месцах альбо ў межах выязной работы (2050 чалавек);
- матэрыяльная дапамога (1280 чалавек);
- харчовыя наборы і сродкі асабістай гігіены (350 чалавек);
- адзенне і абутак, што былі сабраныя неабыякавымі людзьмі (1670 чалавек);
- кваліфікаваная юрыдычная дапамога людзям, якія жывуць у нястачы.
Адным з запатрабаваных і актуальных дзеянняў “Карытас Віцебск” стаў праект “Good Start”. Дзякуючы дадзенаму праекту дапамогу ў выглядзе набораў змаглі атрымаць 404 шматдзетныя, няпоўныя, апякунскія сям’і, якія выхоўваюць дзетак першага году жыцця. Бацькі атрымалі наборы, што складаліся з неабходных рэчаў для добрага жыццёвага старту дзіцяці.
“Карытас Віцебск” не забывае пра людзей і ў зімовы перыяд. У мінулым годзе дзякуючы падтрымцы “Карытас Лінц” (Аўстрыя) 95 сем’яў у патрэбе бясплатна атрымалі цвердапаліўныя матэрыялы (дровы, брыкет) для ацяплення дамоў.
У якасці падмогі для хатніх сельскіх гаспадарак у 2024 годзе пры супрацоўніцтве з дзяржаўнымі сацыяльнымі ўстановамі Віцебскай вобласці (ТЦСАН Віцебскага, Браслаўскага, Докшыцкага, Ушацкага, Шаркаўшчынскага раёнаў) і каталіцкімі парафіямі Докшыцкага, Браслаўскага, Ушацкага раёнаў 399 сем’яў, якія адносяцца да ўразлівых катэгорый грамадзян, атрымалі ад “Карытас” свойскую птушку (курэй). 243 сям’і, што належаць да ўразлівых катэгорый грамадзян, атрымалі саджанцы пладовых дрэў. Гэта стала магчымым, падкрэслім, пры падтрымцы “Карытас Лінц” (Аўстрыя). Такога кшталту дапамога станоўча паўплывала на якасць жыцця бенефіцыяраў і дапамагла значнай эканоміі сямейнага бюджэту.
Адзін з самых даўніх праектаў – клуб “Бэтэль” для людзей з інваліднасцю – дзейнічае ў сядзібе “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі. Больш як трыццаць маладых людзей і іх бацькоў сустракаюцца разам, каб займацца творчасцю, спяваць, знаходзіць новых сяброў і добра праводзіць час. Для наведвальнікаў клуб “Бэтэль” ператварыўся ў нешта значна большае, чым проста праект, для іх ён стаў другім домам, дзе пануюць добразычлівасць і любоў.
Рэсурсны цэнтр сацыяльнай інтэграцыі – яшчэ адзін дастаткова маштабны праект “Карытас Віцебск”. У ім арганізавана дзённае знаходжанне для пажылых людзей, многія з якіх церпяць на дэменцыю ці маюць інваліднасць.
Для наведвальнікаў і іх сваякоў тут існуе магчымасць скарыстацца кансультацыяй псіхолага, зрабіць масаж у масажным крэсле. Для фізічнага аздараўлення можна таксама пазаймацца на трэнажорах для рук і ног, паспрабаваць розныя віды гімнастыкі альбо проста адпачыць у пакоі рэлаксацыі. Акрамя гэтага, сацыяльныя работнікі “Карытас” арганізоўваюць разнастайныя заняткі на развіццё логікі і памяці, дробнай маторыкі, адмысловыя творчыя і кулінарныя майстар-класы, чаяванне.
З мэтай спрыяння паляпшэнню псіхаэмацыйнага стану тых, хто даглядае людзей з дэменцыяй, у 2024 годзе стартаваў курс PROmencija. Гэта сустрэчы, якія закліканыя дапамагчы зразумець людзей з дэменцыяй і як мага больш адэкватна адказаць на іх патрэбы. Тут можна атрымаць прафесійную дапамогу і падтрымку тым, хто здзяйсняе догляд пажылога чалавека.
У межах дзейнасці Рэсурснага цэнтра сацыяльныя работнікі таксама даюць сацыяльна-бытавыя кансультацыі і садзейнічаюць у адаптацыі жылых памяшканняў для людзей з цяжкімі захворваннямі. У 2024 годзе больш за 180 чалавек атрымалі неабходныя сродкі рэабілітацыі (хадункі, прыложкавы столік, апора для спіны, кій, супрацьпралежневы матрац/падушка, поручні для ванны і туалета, насадка на ўнітаз і іншае).
“Карытас Віцебск” аказвае дапамогу людзям, пазбаўленым уласнага дому і падтрымкі блізкіх, пры цесным супрацоўніцтве з цэнтрамі часовага (начнога) знаходжання бяздомных асобаў у Віцебску і Оршы. У мінулым годзе дзеля таго, каб забяспечыць ім больш годнае жыццё, былі закупленыя прадукты харчавання, адзенне і гігіенічныя сродкі, а таксама мэбля для абсталявання цэнтра, тэхнiчныя сродкi і гаспадарчыя тавары. Аднымі з асноўных бенефіцыяраў праектаў “Карытас” з’яўляюцца парафіі Віцебскай дыяцэзіі.
Пад апекай “Карытас” таксама знаходзяцца інтэграцыйныя святліцы і араторыі, што дзейнічаюць пры парафіях Віцебскай дыяцэзіі. У прыватнасці, у 2024 годзе былі закупленыя наступныя тавары: мэбля і кухонная тэхніка, музычнае абсталяванне, канцылярскія тавары і тавары для творчасці, спартыўнае абсталяванне і інвентар, кухоннае абсталяванне, прадукты харчавання, а таксама калядныя падарункі і падарункі на конкурс батлеек, праведзены рамонтна-будаўнічыя работы.
Валанцёрскі рух “Карытас Віцебск”. Дабрачынная праца не была б магчымая без валанцёраў. Гэта людзі рознага ўзросту, прафесіі і веравызнання, якія ахвяруюць свой час, здольнасці і адкрытае сэрца бліжнім. У “Карытас Віцебск” ёсць 33 валанцёры – людзі, якія бескарысна дапамагаюць нашай арганізацыі ў справах міласэрнасці. Чым займаюцца валанцёры “Карытас”? У першую чаргу, яны дапамагаюць праводзіць сацыяльна важныя мерапрыемствы. Мы разам наведваем інтэрнаты і пансіянаты, дзе знаходзяцца людзі ўразлівых катэгорый. Валанцёры таксама дапамагаюць арганізаваць мерапрыемствы па фондрайзінгу. Віцебскі “Карытас” шчыра запрашае ўсіх ахвотных прыняць удзел у валанцёрскай дзейнасці.
У сваім каментарыі адносна чарговага года дзейнасці “Карытас” у Віцебскай дыяцэзіі дырэктар кс. канонік Віктар Місевіч адзначыў: “Хачу выказаць шчырую ўдзячнасць усім нашым дабрачынцам, якія дапамагаюць нам ажыццяўляць справы міласэрнасці. Гэта, вядома, нашы замежныя партнёры з каталіцкіх фондаў, але таксама і звычайныя вернікі Віцебскай дыяцэзіі. Дзякуючы іх добраму сэрцу мы можам арганізоўваць і праводзіць мерапрыемствы, накіраваныя на дапамогу бедным. Кожны месяц я малюся, адпраўляючы Св. Імшу за нашых ахвярадаўцаў, супрацоўнікаў “Карытас” і валанцёраў. Перакананы, што, атрымаўшы Божае спрыянне і ласку, мы зможам дапамагчы як мага большай колькасці людзей”.
Запрашаем вас сачыць за нашымі навінамі ў сацыяльных сетках:
- Instagram: caritasvitebsk;
- УКантакце;
- TikTok: @caritasvitebsk
- TikTok Caritas Vitebsk о деменции: @caritas.vitebsk;
- а таксама на нашым сайце caritasvitebsk.by
Марына Ткач, тэкст
Фота з архіва “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі