9.00 - 17.00 без обеда
выходные - суббота, воскресенье
Сёння распачынаем новую рубрыку, у якой будзем змяшчаць нататкі альбо маленькія інтэрв’ю з людзьмі, якія даглядаюць хворых на дэменцыю. Ствараючы гэту рубрыку, мы імкнуліся данесці думку пра тое, што дэменцыя - гэта вельмі сур’ёзная праблема, яна існуе, яе трэба вырашаць і вырашаць яе лепей разам. Наша першая размова атрымалася няпростай і вельмі кранальнай.
Звычайная віцебская хрушчоўка. Абсталяванне ў духе 80-х. Шмат сямейных фотаздымкаў. На сценах вышытыя карціны. Вакол чысціня і свет.
Нас сустракае Ядвіга, жанчына з прывабнай усмешкай і маладым позіркам. Ядвіга доўгі час даглядае сваю свякроў Лілію Ісаеўну. Ліліі Ісаеўне 84 гады, у яе цяжкая дэменцыя - яна ўжо нікога не пазнае. Сама яна ціхенька сядзіць насупраць тэлевізара, але ж звяртае ўвагу на нас.
Мы паказваем Ядвізе сродкі рэабілітацыі, якія прывезлі з сабой, а далей пачынаецца размова. Яна працягваецца каля гадзіны, але мы не заўважаем часу. Мы бачым, што Ядвізе патрэбна гэта размова, як глыток паветра. І мы не спяшаемся.
Размова атрымоўваецца няроўная, мы пераскокваем з адной тэмы на другую. Некалькі разоў у Ядвігіных вачах з’яўляюцца слёзы, але яна мужна трымаецца.
Яна распавядае нам, што зараз амаль усё яе жыццё падпарадкавана клопату аб свякрові. Ядвіга даглядае яе па графіку, які яна, абапіраючыся на літаратуру і ўласны досвед, склала сама. (Ядвіга, здаецца, ведае пра дэменцыю амаль усё. Таму, калі аднойчы яе запрасілі на лекцыю пра дэменцыю, яна зразумела, што ўсю гэтую тэорыю яна ведае праз асабісты вопыт.) Выйсці з дому надоўга яна, натуральна, не можа. Ідэю з сідзелкай і з дыспансерам сям’я Ядвігі наогул не разглядае. Пытанне “чаму” адпадае само сабой. Раптоўна Ядвіга заўважае нейкі рух з боку Ліліі Ісаеўны. “Ёй трэба прагуляцца”, - тлумачыць яна нам. Ядвіга падыходзіць да яе, усталёўвае зоркавы кантакт і звяртаецца да яе са словамі “мая сяброўка”…
Калі мы пытаемся, чым яшчэ можам дапамагчы, акрамя сродкаў рэабілітацыі, Ядвіга прызнаецца, што прывыкла разлічваць толькі на сябе. Але ж на вочы жанчыны наварочваюцца слёзы...
І ўсё ж наша сустрэча заканчваецца кантруктыўна. Ядвіга адгукаецца на наша запрашэнне прыйсці ў Рэсурсны цэнтр Карытыс Віцебск, дзе, сапраўды, створаны добрыя ўмовы для фізічнай, псіхалагічнай і эмацыйнай перазагрузкі.
Мы запрашаем таксама ўсіх жадаючых на нашы сустрэчы для сваякоў людзей з дэменцыяй. Сустрэчы адбываюцца кожны апошні аўторак месяца ў суправаджэнні двух вопытных і вельмі пазітыўных псіхолагаў – Аляксея і Святланы.
Важна! Дэменцыя – гэта стан, што цягнецца гадамі, таму важна клапаціцца аб сваім здароўе і сваёй якасці жыцця, каб вы маглі клапаціцца аб іншых.
Фота носіць ілюстратыўны характар.