9.00 - 17.00 без обеда
выходные - суббота, воскресенье
У Віцебску адзначылі Дзень інваліда
13 снежня Карытас Віцебскай дыяцэзіі арганізаваў свята для наведвальнікаў клуба людзей з абмежаванымі магчымасцямі “Бэтэль”.
Такія людзі жывуць побач з намі. Мы ходзім па адных вуліцах, едзім у адных аўтобусах. Яны ёсць, яны тут, але часта застаюцца непачутымі і незразуметымі, таму ім асабліва патрэбна прыняцце і любоў. Менавіта для такіх людзей валанцёры і супрацоўнікі Карытас Віцебск 13 снежня арганізавалі свята.

Планаванне, напісанне сцэнарыя, пошук касцюмаў і актораў, рэпетыцыі – усё гэта заняло доўгі месяц падрыхтоўкі. Канешне ж, без дапамогі валанцёраў большая частка таго, што атрымалася, была бы немагчыма. Гэтыя людзі самааддана і з усёй душой удзельнічалі ў арганізацыі свята.
Святочнае мерапрыемства пачалося з уступнага слова дырэктара Карытас Віцебскай дыяцэзіі кс. кан. Віктара Місевіча. Святар прывітаў прысутных і падзякаваў усім людзям добрай волі, якія прычыніліся да арганізацыі імпрэзы.

Пасля гэтага акторы прадставілі сцэнку пра Царэўну Несмяяну. Каб пазабаўляць яе і гледачоў, былі запрошаны маладыя таленты з харэаграфічнага калектыву “Крынічка” пад кіраўніцтвам Мікалаенка Святланы і спявак Аляксандр Агароднікаў. Пад такім уплывам Царэўна Несмяяна не толькі ўсміхнулася, але і шчодра адарыла ўсіх прысутных смачнымі пернікамі.

Пасля агульнага фота мерапрыемства прадоўжылася. Госці накіраваліся да падрыхтаванага стала, а праз некаторы час пачаліся танцы.
Калі ўключылася музыка, прастора напоўнілася ўсмешкамі і сапраўднай дзіцячай весялосцю. Хаця некаторыя з наведвальнікаў Бэтэля выглядаюць як грозныя і сумныя дорослыя, унутры яны ўсё яшчэ маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі, якія вельмі любяць танцаваць, іграць у гульні і весяліцца.

Аляксандр Ужгародскі, фота;
Лаліта Арлоўская, тэкст.





