9.00 - 17.00 без обеда
выходные - суббота, воскресенье
Ёсць рэчы, каштоўнасць якіх пачынаеш усведамляць толькі страціўшы іх.
Героі сённяшняй публікацыі – людзі, што страцілі свой дом, свой прытулак. Людзі, якім некуды больш ісці… У народзе іх няласкава называюць “бамжы”, афіцыйны іх статус – асобы без пэўнага месца жыхарства.
Знаёмцеся – Ігар, 56 год; Уладзімір, 53 гады, Аляксандр, 59 год. У кожнага з іх свая гісторыя жыцця і ў той жа час аднолькавы лёс – зараз яны “жывуць” у Аршанскім раённым цэнтры начнога (часовага) знаходжання асоб без пэўнага месца жыхарства. Хтосьці з іх ужо страціў нават надзею змяніць свой лёс. Хтосьці яшчэ адчайна чапляецца за жыццё і прагне вырвацца адсюль у нармальнае жыццё.
Ігар распавядае пра сябе вельмі ахвотна, у вачах блішчаць агеньчыкі. Ён тут ня так даўно, каля чатырох месяцаў. Біяграфія Ігара ўражлівае: сур’ёзна займаўся плаваннем, мае першы дарослы разрад; служыў на падводнай лодцы на Паўночным флоце; за сваё жыццё асвоіў шмат прафесій: будаўнік, фрэзероўшчык, слесар, повар. У мінулым годзе Ігар зламаў нагу і да гэтага часу не аднавіўся - перамяшчаецца толькі пры дапамозе мыліц. На пытанне пра мару адказвае так: “Каб нага зажыла і каб уладкаваўся на працу”. Пытанне пра параду маладым выклікае ў ім разгубленасць і неўразуменне (па шчацэ цячэ сляза).
Не менш цікавая біяграфія і ў Уладзіміра: па прафесіі ён электрык, у маладосці займаўся боксам, атрымаў нават спартыўнае званне “кандыдат у майстры спорту”, у свой час захапіўся музыкай, асабліва музыкай групы “Scorpions”, спрабаваў і сам іграць на гітары. На пытанне пра мару і пра прычыны знаходжання тут Уладзімір маўчыць. Але згаджаецца даць параду маладому пакаленню: “Жыць, працаваць і ніколі не падаць духам!”
Амаль кожны дзень мы сустракаем гэтых людзей у транспарце, у магазіне ці па дарозе дамоў. Яны – вакол нас, бо яны – частка нашага грамадства. Усведамляючы гэта, Карытас Віцебск на працягу доўгага часу падтрымлівае бяздомных людзей. І кожны з нас можа падаць ім руку дапамогі, каб яны адчулі сябе не “вакол”, а “побач” з намі.