Таварыства сапраўднай любові і дапамогі

У сакавіку сёлета дабрачыннаму каталіцкаму таварыству “Карытас Віцебск” спаўняецца 24 гады – 24 гады служэння міласэрнасці, клопату і любові да бліжняга. За гэты час пройдзены вялікі шлях. 24 гады – гэта рэалізацыя шматлікіх сацыяльных праектаў і як вынік – рэальная дапамога тысячам людзей у патрэбе. Напярэдадні Дня Карытас паразмаўлялі з дырэктарам і супрацоўнікамі таварыства, каб высветліць самае яскравае і адметнае за мінулы год.

У сваім каментарыі адносна чарговай гадавіны дзейнасці Карытас у Віцебскай дыяцэзіі дырэктар кс.Аляксандр Сапель звярнуў увагу на словы Папы Францішка пра міласэрнасць, любоў і дапамогу: “Чарговы год дзейнасці дабрачыннай місіі Карытас заканчваецца, а з тым уваходзім у час святкавання амаль чвэрцьвяковай гісторыі гэтай дабрачыннай арганізацыі на тэрыторыі нашай дыяцэзіі.

Як вядома, слова “карытас” азначае любоў і міласэрнасць. У нашыя часы сведкам такой міласэрнай любові з’яўляецца Папа Рымскі Францішак, які не перастае прыпамінаць свету пра людзей, што патрабуюць матэрыяльнай і духоўнай дапамогі. Папа Францішак заклікаў ніколі не раздзяляць праўды і міласэрнасці, бо любоў без праўды вядзе да "пустой скрыні, якую кожны напаўняе паводле свайго меркавання".

Ахвярнасць і дабрачыннасць, адзначыў Папа, былі двума абавязкамі, якія павінен быў выконваць рэлігійны чалавек. Тыя, хто ў патрэбе, займаюць цэнтральнае месца ў біблійным пасланні, таму Бог жадаў, каб Яго народ клапаціўся пра братоў”.

У 2023 годзе Карытас працягнуў рэалізацыю шэрагу праектаў, такіх як “Бэтэль”, “Зімовая дапамога”,  “Сацыяльны пункт”, “Рэсурсны цэнтр”, “Hope”, “Good Start” і іншыя.

Адным з найважнейшых кірункаў у сваёй працы “Карытас Віцебск” лічыць работу са сталымі людзьмі.  У жніўні 2023 года быў завершаны першы этап наватарскага праекта, накіраванага на паляпшэнне ўмоў жыцця людзей з дэменцыяй і іх сваякоў. Створаны ў 2021 годзе ў межах праекта Рэсурсны цэнтр  стаў для іх наведвальнікаў тым бяспечным асяроддзем, якое спалучае ў сябе магчымасці і для фізічнага аздараўлення (масажнае крэсла, трэнажоры для рук і ног, сэнсорны пакой, розныя віды гімнастыкі), і для псіхаэмацыйнага (псіхалагічныя трэнінгі, кансультацыі, заняткі па арт-тэрапіі, кулінарныя майстар-класы, чаяванне).

Найлепшай ацэнкай праекта, безумоўна, з’яўляюцца словы саміх наведвальніц. Любоў Пятроўна Маліноўская: “Я знайшла тут усё, што шукала: камунікацыю, здароўе, выхад з закрытай прасторы. Хачу падкрэсліць, што камунікацыя тут наладжаная на добрым інтэлектуальным узроўні”. Ларыса Міхайлаўна Ткачова:“З вялікім задавальненнем наведваю Рэсурсны цэнтр: кожны дзень тут быццам свята”. Соф’я Іосіфаўна Вырвіч: “Я тут не так даўно, але адчуваю сябе вельмі ўтульна. Падабаецца атмасфера ў Рэсурсным цэнтры, людзі, адносіны, увага. Прымаю гэта з любоўю”.

Цікавай нам падаецца  адваротная сувязь з супрацоўнікамі Рэсурснага цэнтра. Псіхолаг Марына Рыгораўна Ткач: “Пачаўшы працаваць з гэтымі жанчынамі, я зразумела, што ўзрост – гэта такая цікавая гісторыя… Аказваецца,  нягледзячы на лічбу ў пашпарце, можна захаваць жывасць розуму, імкненне да новага і, што мяне больш за ўсё ўражвае, такую няўтольную смагу жыцця! Адкрыццём для мяне стала думка, што старасць – гэта не згасанне, старасць – гэта жыццё з асалодай. Галоўнае – дазволіць сабе гэта”.

Сацыяльны работнік Вікторыя Віктараўна Варанько: “Да таго як прыйшла працаваць у Карытас, амаль не кантактавала з людзьмі, якія страдаюць на дэменцыю, з людзьмі, якія маюць інваліднасць, з людзьмі абяздоленымі. І ўжо хутка зразумела, што мае звычайныя праблемы ў параўнанні з праблемамі гэтых людзей такая дробязь! Яшчэ мяне заўсёды ўражлівае, як людзі абяздоленыя ўмеюць радавацца жыццю. Можна сказаць, праца ў Карытас змяніла мае жыццёвыя каштоўнасці, тут я набыла важны жыццёвы вопыт”.

Яшчэ адным напрамкам праектнай дзейнасці з’яўляецца інфармацыйная работа сярод насельніцтва. Яе вынікам стала выданне брашуры ў трох частках “Маленькі даведнік па дэменцыі” ў колькасці тры тысячы экзэмпляраў і яе распаўсюджанне сярод насельніцтва. Распаўсюджанне ажыццяўлялася праз тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання, дом-інтэрнат, а таксама падчас тэматычных мерапрыемстваў абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Дарэчы, у найбліжэйшы час будзе выдадзена кніга-даведнік “Кіраўніцтва па догляду людзей з дэменцыяй” накладам дзве тысячы асобнікаў. Акрамя таго, за гэты час больш за тысячу чалавек атрымалі сродкі рэабілітацыі для адаптацыі жылога памяшкання.

Менеджэр праекта Крысціна Дзмітрыеўна Дулебава пракаментавала вынікі першага этапу так: “За два гады мы крыху “ўскрылі” праблему дэменцыі, змянілі адносіны многіх людзей да гэтай праблемы. Гэта я і лічу  галоўным вынікам. Але на тым наш праект не скончаны. У студзені сёлета пачаўся  другі этап праекта, ён разлічаны яшчэ на тры гады. За гэты час плануецца пашырыць праектную дзейнасць, прыцягнуўшы да дзейнасці раёны Віцебскай вобласці” .

Яшчэ адзін праект для пажылых людзей, у тым ліку для асобаў з інваліднасцю, быў распачаты зусім нядаўна, восенню 2023 года. Ён рэалізуецца на тэрыторыі парафій, у гэтым яго асаблівасць. Старт новаму праекту дадзены ў парафіі Унебаўшэсця Пана, што знаходзіцца ў Глыбоцкім раёне (вёска Дзеркаўшчына). Цяпер вядзецца праца па абсталяванні памяшкання для духоўна-асветніцкай дзейнасці сталых парафіян. У планах таксама ўстаноўка пандусаў і поручняў.

Штогод каталіцкае таварыства ажыццяўляе рэалізацыю шэрагу праектаў, накіраваных на дапамогу дзецям. Так, праект “Good Start прызначаны для самых маленькіх нашых бенефіцыяраў - дзетак першага году жыцця, якія выхоўваюцца ў шматдзетных, няпоўных, апякунскіх сем’ях. Безумоўна, нараджэнне дзіцяці – найшчаслівейшая падзея ў кожнай сям’і. Аднак гэта яшчэ і вялікая адказнасць, звязаная ў тым ліку і з вялікімі выдаткамі на немаўлятка. Дзякуючы нашым партнёрам з “Карытас Лінц” у мінулым годзе 476 сямей з розных куткоў Віцебшчыны атрымалі сертыфікаты ў магазін “Буслік” на суму дзвесце рублей на аднаго немаўляці.

Праект “Царква насустрач дзецям” дзейнічае на базе парафій. Яго практычнай  мэтай з’яўляецца аказанне матэрыяльнай дапамогі пры абсталяванні памяшканняў, дзе святары, сёстры і валанцёры праводзяць заняткі. Накіраванасць заняткаў даволі разнастайная: ёсць рэлігійна-асветніцкія, музычныя, спартыўныя, нават кулінарныя.

У мінулым годзе “Карытас Віцебск” набыў для парафіі Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі, што знаходзіцца ў вёсцы Удзела, спартыўнае, музычнае і кухоннае абсталяванне. Для Докшыцкай парафіі Найсвяцейшай Тройцы – спартыўнае абсталяванне. Бясспрэчна, выкарыстанне інструментарыя падобнага кшталту спрыяе павышэнню якасці саміх заняткаў, а таксама ўзнікненню шчырай цікавасці да навучальнага працэсу ў юных парафіян. У перспектыве – аснашчэнне дзіцячай пляцоўкі каля араторыя ў Лынтупах (парафія св.Апостала Андрэя).

Асобнае месца ў гісторыі “Карытас Віцебск” займае праект для людзей з інваліднасцю “Бэтэль”. Трэба адзначыць, што за 18 гадоў існавання “Бэтэль” ператварыўся ў нешта значна большае, чым проста праект: для яго выхаванцаў “Бэтэль” стаў другім домам... І ў дадзеным выпадку гэта не метафара. Нашу думку пацвярджае сацыяльны работнік Зоя Уладзіміраўна Коршунава, якую шчыра можна назваць захавальніцай агменя ў “Бэтэлі”: “Бэтэль” – гэта сям’я, разумееце? Сямейная атмасфера ўнутры нашага клуба – гэта наогул самае каштоўнае, што мы напрацавалі за гэты час. Дзеці вельмі пасталелі, з’явіліся і новенькія. Сямейнасць тут і праяўляецца, калі больш самастойныя ўдзельнікі апякуюцца больш слабымі і тымі, хто патрабуе   дапамогі”.

“Карытас Віцебск” пры цесным супрацоўніцтве з цэнтрамі часовага (начнога) знаходжання бяздомных асобаў у Віцебску і Оршы традыцыйна аказвае сацыяльную дапамогу людзям, пазбаўленым уласнага дому (прадукты харчавання, адзенне, абутак, гігіенічныя сродкі). З мэтай умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы Аршанскага цэнтра ў мінулым годзе былі набытыя  электрычны ацяпляльны кацёл і электрычны лічыльнік.

Другі год запар у Лепелі дзейнічае сацыяльны пункт, асноўным прызначэннем якога з’яўляецца аказанне дапамогі сацыяльна неабароненым групам насельніцтва. Трэба заўважыць, што сацпункт аказвае не толькі матэрыяльную дапамогу ў выглядзе прадуктовых набораў і раздачы абутку і адзення. Супрацоўнікі праводзяць на месцах альбо ў межах выязной работы бясплатныя сацыяльныя кансультацыі. Акрамя таго, адрасатамі дапамогі з’яўляюцца не толькі жыхары Лепельшчыны, але і іншых раёнаў Віцебскай вобласці.

Менеджэр праекта Павел Іванавіч Фадзееў падагульніў вынікі працы сацыяльнага пункта лічбамі: “У перыяд з сакавіка 2023 года па люты 2024 каля тысячы чалавек у патрэбе атрымалі прадуктовыя наборы, каля чатырохсот атрымалі дапамогу ў выглядзе адзення, абутку ці пасцельных рэчаў, што былі сабраныя чулымі жыхарамі вобласці. Падчас сацыяльных кансультацый каля сямісот асобаў атрымалі кваліфікаваную дапамогу па розных сацыяльна-бытавых пытаннях”.

Работа ў дабрачынным таварыстве – гэта асаблівая дзейнасць. Па трапнаму выразу старэйшай супрацоўніцы “Карытас Віцебск” Антаніны Іванаўны Палінскай, “работа ў Карытас – гэта хутчэй не работа, а служэнне”.

Аб адносінах да сваёй дзейнасці ў Карытас падрабязна распавяла Аліна Эдвардаўна Сарокіна, якая таксама, як і Антаніна Іванаўна, была ля вытокаў “Карытас Віцебск”: “Намагаюся рабіць сваю працу з любоўю, каб людзі, якія звяртаюцца за дапамогай, адчувалі сябе абароненымі. Я вельмі радуюся, калі людзі ўмеюць быць удзячнымі. Удзячнасць робіць наша жыццё радаснее, дапамагае паказаць іншым важнасць яго дзеянняў і матывуе на будучую працу. Работа ў Карытас – практычнае ўяўленне запаведзі Езуса Хрыстуса:”Як я палюбіў вас, так і вы да любіце адзін аднаго. Па таму распазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў паміж сабою (Ян 13, 34-35). Побач  са мной заўсёды былі і ёсць добрыя людзі. Дзякуй ім за гэта!”

Дырэктар Карытас ксёндз Аляксандр Сапель таксама выказаў падзяку ўсім, хто служыць дабру і міласэрнасці: “Перш за ўсё хацелася бы скіраваць словы вялікай удзячнасці да маёй каманды (да ўсіх разам і да кожнага паасобку), на якой трымаецца штодзённая, часам не заўважальная праца. Дзякую вам за вашу важную місію штодзённай дапамогі тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, тым, хто заблукаў, тым, хто шукае магчымасці для развіцця ў прыватнай ці прафесійнай сферах.

Хацеў бы таксама выказаць асобную падзяку ўсім валанцёрам — людзям добрай волі, якія, супрацоўнічаючы з Карытасам, спрыялі пабудове лепшага свету і развіццю дабра і любові.

Ад імя Карытас Віцебскай дыязэзіі выказваю шчырую падзяку ўсім спонсарам і дабрадзеям, нашым партнёрам з замежжа, за дар сэрца, за дапамогу, якая з’яўляецца сведчаннем любові да Бога і бліжняга. Адначасова выказваю глыбокую падзяку за аказаную дапамогу, прыхільнасць і разуменне.

Папа Рымскі Францішак у сваёй гаміліі ў Доме Святой Марты 20 лістапада 2017 г. сказаў: «Памятайце, што Бог ніколі не пакідае нас, Езус увесь час абвяшчае нам, што Бог не дэспатычны камандзір, але Айцец, поўны любові, чуласці і дабрыні. І таму мы можам і павінны давяраць Яму бясконца».

таварыства сапраўднай любові

таварыства сапраўднай любові1

таварыства сапраўднай любові3

таварыства сапраўднай любові8

таварыства сапраўднай любові7

таварыства сапраўднай любові2

 


Печать