9.00 - 17.00 без обеда
выходные - суббота, воскресенье
Сёлета праект Дабрачыннага Каталіцкага Таварыства “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі — Дыяцэзіяльны конкурс на веданне Святога Пісання — адзначыў свой маленькі пяцігадовы юбілей. Фінал конкурсу адбыўся 15 красавіка ў катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску.
У якасці падрыхтоўкі да конкурсу ўдзельнікі ва ўзросце да 14 год уключна пазнаюць і вывучаюць змест розных кніг Бібліі. На гэты раз яны засяродзіліся на дзвюх вельмі захапляльных і павучальных кнігах: Эстэры са Старога Запавету і Дзеях Апосталаў з Новага Запавету. А дапамагалі ім у гэтым дарослыя: бацькі, катэхеты, святары.
Сястра Аляксандра Рыбалтоўская сёлета рыхтавала да конкурсу вучняў з дзвюх розных дыяцэзій!
Трэба было пасвяціць шмат часу дзецям, але гэта быў карысны час, — распавядае пра свой вопыт катэхетка. — У Маладзечне мы рыхтаваліся кожную суботу на працягу трох месяцаў па 2,5 гадзіны. Дзеці з Параф’янаўскай і Валкалацкай парафіі на падрыхтоўку мелі кожны раз па 45 хвілін, што няшмат на такі вялікі аб’ём. У любым выпадку, для мяне было важна адкрыць дзіцяці прыгажосць Божага Слова і я ставіла націск не столькі на вынік, колькі на пазнанне дадзеных кніг Святога Пісання і размовы на розныя духоўныя тэмы.”
Першы, парафіяльны этап конкурсу адбыўся на пачатку сакавіка. У ім удзельнічала 220 дзяцей з 23 парафій Віцебскай дыяцэзіі і 8 парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У складанні пытанняў дыяцэзіяльнаму каардынатару конкурсу с. Дар’і Галубковай дапамагалі с. Мажэна Вельгус (парафія Св. Антонія з Падуі ў Віцебску) і сп. Лаліта Арлоўская, валанцёрка Карытас.
Сястра Дар’я, якой сёлета давялося займацца падрыхтоўкай конкурсу на адлегласці, вызнае:
Я дужа перажывала, ці ўдасца з улікам абставін на адпаведным узроўні арганізаваць гэты конкурс, які для многіх стаў ужо добрай традыцыяй і моцнай матывацыяй да грунтоўнага вывучэння Святога Пісання. Я ўдзячная Пану Богу, маім памочнікам ды і самім дзеткам, бацькам і катэхетам за тое, што разам у нас усё атрымалася!”
Пасля другога адборачнага этапу выявіліся 56 фіналістаў. Як заўжды, дзень фіналу запомніцца не толькі цікавымі і, іншы раз, складанымі заданнямі, але і сваёй святочнай велікоднай атмасферай, прыемнымі сустрэчамі старых сяброў і новых знаёмых, вясёлымі танцамі, пачастункамі і падарункамі. А перш за ўсё – супольнай малітвай на Святой Імшы і сведчаннем веры ў Хрыста – Слова Бога, якое сталася Целам. Бо, як падкрэсліў падчас казання Біскуп Алег Буткевіч, важна, каб гэтае Слова было успрынята не толькі на інтэлектуальным узроўні, але прынесла багаты духоўны плён у жыцці.
Пераможцамі конкурсу сталі:
- у малодшай катэгорыі: (да 11 год уключна)
- КАРАЛЬКОВА Аўрэлія, парафія Св. Казіміра ў Маладзечне, рыхтавала с. Аляксандра Рыбалтоўская;
- ХІЛЬКО Яніна, парафія Святога Яна Хрысціцеля ў Мінску, рыхтавала с. Люцыя Бальцэвіч;
- КАБАКОВА Крысціна, парафія Маці Божай Ружанцовай у Ракаве, рыхтавала с. Юлія Бугай.
- у старэйшай катэгорыі: (12-14 год)
- ЯКУБОВІЧ Дар’я, парафія Нараджэння Маці Божай у Браславе, рыхтавала с. Ірэна Варонька;
- ШАУРА Канстанцін, парафія Святога Казіміра ў Маладзечне, рыхтавала с. Аляксандра Рыбалтоўская;
- МАКАВЕЦКАЯ Маргарыта, парафія Святога Яна Хрысціцеля ў Мінску, рыхтавала с. Люцыя Бальцэвіч.
Сваімі думкамі падзялілася пераможца ў старэйшай катэгорыі Дар’я Якубовіч, якая, дарэчы, летась была другой сярод малодшай групы:
Удзел у конкурсе прынёс мне шмат прыемных уражанняў. Найперш падрыхтоўка: для мяне і Дзеі Апосталаў і Кніга Эстэры былі лёгкімі для ўспрымання, хоць апошняя запаміналася крыху хутчэй. Прыемнымі момантамі для мяне сталі Святая Імша, якую праводзіў біскуп Алег, і калі мы з іншымі ўдзельнікамі супольна адказвалі на пытанні разміначнага тэсту. А падчас выканання асноўных заданняў я зусім не хвалявалася і дужа цешылася, калі даведалася, што заняла першае месца. Я лічу, што конкурс – гэта пазнавальнае і добрае мерапрыемства, якое аб’ядноўвае людзей з розных парафій у веры, у пазнанні Старога і Новага Запаветаў.”
Карытас Віцебскай дыяцэзіі шчыра дзякуе ўсім, хто прычыніўся да арганізацыі і правядзення конкурсу, асабліва нашым партнёрам з Карытас Лінц (Аўстрыя) за фінансавую падтрымку, супрацоўнікам і валанцёрам нашай рэлігійнай місіі за працу па забеспячэнні мерапрыемства.
Больш фота можна знайсці ў альбоме на старонцы Карытас Віцебск Укантакце.
Лаліта Арлоўская, тэкст